У гэта складана паверыць, але 13 верасня ў Варшаве адбудзецца «Дзень Гомеля». Так-так, беларускага горада Гомель. Рэдактары Vitrina.pl пагутарылі з арганізатарамі і даведаліся падрабязнасці.
«Запрашаюцца ўсе беларусы, нават калі вы не былі ў Гомелі, мы чакаем вас як самых жаданых гасцей!» – кажуць арганізатары.
– Раскажыце пра сябе і пра мерапрыемства, – звярнуліся мы да іх.
– Мы простыя гамяльчане, прыехалі ў Варшаву і вырашылі, што будзе выдатна правесці падзею, якая дапаможа захаваць гарызантальныя сувязі сярод беларусаў, што пераехалі ў Польшчу. Так з’явілася ідэя правядзення «Дня Гомеля». Сёлета мы ладзім яго ўжо трэці раз. З кожным годам наша каманда становіцца большай, і да нас заўсёды далучаюцца новыя людзi, якія таксама родам з Гомеля, – адзначаюць арганізатары.
Яны падкрэсліваюць, што з вялікай радасцю чакаюць усіх беларусаў.
– Каб не растварыцца ў чужым кантэксце, а з гонарам казаць, адкуль ты, любіць гэтае месца, разам настальгаваць і дзяліць важныя моманты з людзьмі, якія табе ментальна блізкія. «Дзень Гомеля» – для ўсіх беларусаў, каму блізкая ідэя захавання сувязі з радзімай і знаёмым вайбам.
Дзе праходзіць і што чакае гасцей?
Месца правядзення застаецца нязменным ужо тры гады – бар Karma Crew, Aleja 3 Maja 15 у Варшаве. Пачатак у 17:00.
У першы год (9.09.23) галоўнымі падзеямі сталі паказ дакументальнага фільма «Рэпрэсаваная архітэктура» пра гамяльчаніна-архітэктара Станіслава Шабунеўскага, а таксама выступленні гурта «Сож» і гамяльскіх дыджэяў.
У другі год (14.09.24) цэнтральнай часткай праграмы была лекцыя гамяльскага гісторыка Яўгена Малікава пра Гомельскі замак XVI–XVIII стагоддзяў. Таксама адбыліся гістарычны квіз, квэст, выступленні паэтаў, музыкаў і гарадскі маркет.
– А што будзе ў гэтым годзе?
– У гэтым годзе, 13 верасня, падрыхтавана лекцыя пра крымінальнае жыццё Гомеля ў 90-я гады, адбудзецца шахматны турнір пры падтрымцы шахматнага клуба Chess Corner і гарадская гульня «Схватка». Выступіць вядомы беларускі жаночы хор SPIEVY, а таксама будуць дранікі, маркет і дыджэі.
Праграма «Дня Гомеля 2025», 13 верасня, субота
- 14:45–17:00 — гарадская гульня Схватка
Інтэлектуальны драйв і прыгоды. Рэгістрацыя абавязковая! - 16:00 — шахматны турнір
Рэгіструйцеся - 17:00 — афіцыйны старт мерапрыемства
— адкрываецца маркет рамеснікаў
— пачынаем частавацца дранікамі і гомельскім півам
— можна размалявацца пад вавёрку
— і, канечне, набыць мерч - 18:00 — пазнавальная лекцыя пра крымінальнае мінулае Гомеля. Захапляльная гісторыя пра цёмны, але вельмі цікавы бок горада.
- 19:30 — выступ жаночага хору SPIEVY
— абрад (удзел — 40 злотых, аплата на месцы)
— пасля — адкрыты бясплатны канцэрт для ўсіх гасцей - 21:15 — выступ музыкі (анонс вельмі хутка!)
- з 22:00 — DJ Aslamin і DJ Zal
«Гамяльское піва» ў Варшаве
Асаблівай фішкай свята стала «гамяльское піва». Арганізатары дзеляцца сакрэтам:
– Мы варыць яго ў партнёрстве з dis_hop_brewery спецыяльна да мерапрыемства. Гэта не нейкі ўнікальны старажытны гамяльскі рэцэпт, але мы шмат увагі надаём брэндынгу, каб ён быў максімальна «гамяльскім». Таму назва піва як у аднаго з раёнаў горада – «Навабеліцкае», а на лагатыпе – вавёркі, як у нашым гамяльскім парку.
Тэлеграм i падрабязнасцi: t.me/dzien_1142
Уваход вольны
Дата: 13 верасня
Час: 17:00
Мейсца: бар Karma Crew, Aleja 3 Maja 15, Варшава
На мапе:
Чтобы оставаться в курсе событий, подписывайтесь на Telegram-канал и Instagram или группу FB нашей «Витрины». Если вы хотите поделиться новостями с редакцией – пишите.